Гэта адзначыла ў сваіх сацыяльных сетках Аліна Коўшык, прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі, пры падтрымцы якога адбылося гэтае мерапрыемства.
«Я вельмі радуюся, бо ў нас будзе Інстытут Беларускай Кнігі. Наступным крокам мы падтрыхтуем супольную заяву і створым працоўную групу, якая будзе развіваць праект» — адзначыла Аліна Коўшык.
Аліна Коўшык.
Мэтамі Інстытуту Беларускай кнігі Аліна Коўшык бачыць:
- Папулярызацыя беларускай літаратуры
- Дапамогабеларускім выдавецтвам
- Супраца з сусветнымі бібліятэкамі
- Прэзентацыі кніг беларускіх аўтараў на міжнародных кніжных выставах
- Спрыянне перакладам твораў беларускіх аўтараў на замежныя мовы і іншае
У канферэнцы прымалі ўдзел беларускія пісьменнікі, выдаўцы і партнёры праекту — ІнБелКульт, Будзьма Беларусамі і Беларускі ПЭН. Вядоўцам быў беларускі філосаф Павел Баркоўскі. Ён адзначыў, што беларускі кнігадрук цяпер перажывае складаныя часы.
«Адкрыліся новыя выдавецкія праекты па-за межамі Беларусі, але застаюцца пытанні даступнасці новых кніг беларускім чытачам, адсутнасці сістэматычнай падтрымкі выдавецкай дзейнасці па-беларуску, невялікай цікаўнасці чытачоў да праектаў на беларускай мове, нязначнай прысутнасці беларускай кнігі на міжнародным кніжным рынку» — падкрэсліў Павел Баркоўскі.
Прасоўванне кніжнай культуры і цікавасці да беларускай літаратуры бачыцца ўдзельнікам сустрэчы істотнай задачай.
«Прамоцыя беларускіх аўтараў і іх твораў на міжнародным кніжным рынку – справа самазахавання беларускай нацыі як адметнай часткі агульнай еўрапейскай культуры» — дадаў Павел
Павел Баркоўскі. Фота: Наша Ніва
«Канферэнцыя, якая адбылася, мае характар устаноўчай, таму асноўны яе плён – гэта запачаткаванне грамадскай ініцыятывы, што ў кароткія тэрміны можа ператварыцца ў зарэгістраваную арганізацыю і фундацыю, скіраваную перадусім на праекты падтрымкі выдання кніг па-беларуску, як арыгінальных, так і перакладных. Падобная арганізацыя зможа супрацоўнічаць з падобнымі праектамі ў іншых краінах, дапамагаць з’яўленню беларускіх стэндаў на вядомых кніжных кірмашах і фестывалях, развіваць камунікацыю на ўсіх узроўнях сярод усіх, хто ангажаваны ў кніжную справу – аўтараў, выдаўцоў, перакладчыкаў, рэдактараў, літаратуразнаўцаў і крытыкаў, арганізатараў кніжных падзей і бібліятэкараў» — вядоўца мерапрыемства Павел Баркоўскі выдзеліў галоўным вынікам сустрэчы
Таксама ён адзначыў, што сама ідэя наяўнасці падобнай інстытуцыі вельмі даўно вітае ў паветры і знаходзіць падтрымку ў думках тых, хто дбае пра развіццё беларускай кнігі.
«Важна, каб гэта грамадскае пачынанне пазбягала канфлікту інтарэсаў розных груп і магло быць важным чыннікам развіцця беларускай кніжнай культуры, роўным чынам спрыяючы розным кніжным праектам і пачынанням» — падкрэсліў Павел.