Збіраем падпісы за магчымасць вывучаць беларускую мову ў польскіх школах

Навіны Руха Беларускай Салідарнасці

«Не быць абыякавым – гэта значыцца ўзяць адказнасць за агульнае супольнае дабро»

Падзеі
На прасторы «Пад жырандоляй» 7 чэрвеня ў Варшаве прайшла дыскусія пра месца хрысціян у палітыцы. Таксама ўпершыню на беларускай мове адбылася прэзентацыя перакладаў на беларускую мову папскіх энцыклік аб сацыяльным вучэнні каталіцкага Касцёлу.

Цалкам паглядзець трансляцыю з падзеі можна на нашым канале ў Youtube.

Удзел у размове наконт удзелу хрысціянаў у палітыцы ўзяў каталіцкі ксёндз Вячаслаў Барок, праваслаўны святар і блогер Аляксандр Кухта (аўтар Youtube «Бацюшка адкажа»), польская суддзя ў адстаўцы, лідарка юрыдычнай службы хрысціянскай суполкі Люцына Лацяк. Мадэраваў дыскусію сустаршыня БХД і лідар Руха Беларускай Салідарнасці Віталь Рымашэўскі.
«Завешаць фіранкі, выключыць святло, залезці пад ложак і ў цемры чытаць Біблію пра тое, як ты любіш гэты свет і свайго бліжняга?.. Я не бачу ў гэтым хрысціянства абсалютна. Чаму беларускія святары сёння не могуць свабодна прапаведаваць слова Божае згодна з вучэннем касцёлу ў Беларусі? І тут адказ іншы. Не таму, што такі касцёл. А таму, што Беларусь сёння – акупаваная», – мяркуе ксёндз Вячаслаў Барок.
Ксёндз таксама ўпэўнен, што беларусам трэба падтрымліваць дабраахвотнікаў і дапамагаць Украіне.
Аляксандр Кухта разважае, што хрысціянства заўседы будзе ўдзельнічаць у палітычным жыцці грамадства.
«Там, дзе сустракаюцца два чалавекі, ужо ўзнікае палітычная прастора. Пазбегнуць удзелу царквы ў палітыцы мы не можам, але мусім шукаць баланс. Выпадак кардынала Сіна – паказальны. Не галасуем за нейкую галіну ўлады ці чалавека, але проста каментуем ягоныя дзеянні, сыходзячы з Евангельскіх прынцыпаў» - кажа святар.
Аляксандр Кухта таксама кажа, што зараз для беларусаў і палітвязняў важна, каб мы былі сведкамі.
«Да гэтага пакліканыя ўсе хрысціяне. Быць сведкамі і галасамі ўсіх тых, хто знаходзіцца ў Беларусі», – сказаў Аляксандр Кухта.

Люцына Лацяк іншага меркавання. Яна кажа, што хрысціяне і хрысціянства павінна быць па-за палітыкай. І што змяніць уладу і сітуацыю ў краіне трэба найперш спрабаваць бяскроўным шляхам – супольнай і моцнай малітвай.

Спампаваць электронную версію кнігі - перакладу можна па спасылцы.