Збіраем падпісы за магчымасць вывучаць беларускую мову ў польскіх школах

Навіны Руха Беларускай Салідарнасці

ПЕРШАЕ МЕРАПРЫЕМСТВА У ПРАСТОРЫ РБС

Падзеі
Вялікі беларуска-ўкраінскі валанцёрскі праект ментальнай дапамогі
WEMAYHELP 2.0 абвясціў аб пераходзе ў статус фонду. Прэзентацыя фонду прайшла 15 кастрычніка на прасторы РБС. Гэта было першае мерапрыемства ў нашым каворкінгу. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі грамадскага сектару і беларускіх медыя.

ПРА ПРАЕКТ
Каля сямі месяцаў таму пачаў працу праект WEMAYHELP 2.0. Валанцёры і эксперты праекта аказваюць ментальную дапамогу пацярпелым ад вайны і рэпрэсій з Беларусі, Украіны і Расіі. Тыя, хто звяртаецца па дапамогу могуць атрымаць кансультацыю ў спецыяліста, а таксама практычныя веды па захаванні ментальнага здароўя ў крызісны перыяд.

Праз тое, што ў свеце значна павысіўся ўзровень дэпрэсіі, дадзены кірунак працы вельмі запатрабаваны ў грамадстве. Вядома, што дэпрэсія можа прывесці да самагубства. Штогод так канчаюць сваё жыццё амаль 800 тысяч чалавек. Таму прафілактыка ментальнага здароўя дазваляе значна паменшыць рызыку пачатку дэпрэсіўнага стану.


Адна са стваральніц праекта — Надзея Дамкоўская, распавяла, што менавіта вайна ва Украіне вымусіла звярнуць увагу на праблему псіхалагічнага стану людзей, якія з’ехалі падалей ад баявых дзеянняў і раптоўна апынуліся ў новай незнаёмай краіне.

За час дзейнасці праекта больш за 450 кліентаў скарысталіся дапамогай і не пакінулі ніводнага негатыўнага водгуку. Варта асобна адзначыць і каманду, якая складаецца з сотні чалавек і знаходзіцца ў 12 часавых паясах.

ЯК ПРАЙШЛА ПРЭЗЕНТАЦЫЯ

10 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень ментальнага здароўя. У межах тыдня ментальнага здароўя праект абвясціў аб падрыхтоўцы да стварэння фонду падтрымкі ментальнага здароўя ў Еўропе HEALTH ME UP.

На прасторы РБС у Варшаве прайшло першае мерапрыемства, дзе і адбылася прэзентацыя фонда. Галоўнай часткай сустрэчы стаў круглы стол на тэму «Важнасць увагі да ментальнага здароўя». Удзел у круглым стале ўзялі Аліна Коўшык, прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні, Андрэй Ткачоў, каардынатар Фонду медыцынскай салідарнасці, Ірына Сідорская, Доктар філалагічных навук, эксперт у галіне камунікацыі, Павел Свярдлоў, галоўны рэдактар ​​Euroradio, Яўгенія Даўгая, журналістка Reform.by, Дзіяна Ігнаткова, куратар медыя-групы «Руху беларускай салiдарнасцi».

Удзельнікі круглага стала адзначылі ўзрослую колькасць інфармацыйнага шуму, прапаганды і хейту, што вельмі негатыўна ўплывае на ментальнае здароўе людзей. Фонд, на думку экспертаў, павінен ставіць перад сабой пасільныя мэты і дабівацца іх з любоўю да сябе і навакольных. Усе рашэнні, якія былі агучаныя ўдзельнікамі круглага стала лягуць у аснову дзейнасці новага фонду.

Апроч афіцыйнай часткі мерапрыемства, зразумела, была і нефармальная. Удзельнікі знаёміліся адзін з адным, а таксама знаёміліся і з новым месцам для сустрэч і мерапрыемстваў, якое цяпер ёсць у беларускай супольнасці. 

Каб падтрымаць ментальнае здароўе прысутных і добрую атмасферу вечара, выступіў музыка Канстанцін Гарачы, а смачнай кавай частаваў гасцей Аляксандр Аўдзевіч, які некалькі гадоў таму стварыў у Беларусі ініцыятыву «Інклюзіўны барыста».