Збіраем падпісы за магчымасць вывучаць беларускую мову ў польскіх школах

Навіны Руха Беларускай Салідарнасці

«Цалкам ідзе спроба паставіць царкву пад кантроль»

Падзеі
Ці павінны хрысціяне быць актыўнымі ў палітычным і грамадскім жыцці? Такому пытанню была прысвечаная дыскусія, што адбылася ў Варшаве. Пра актуальнасць нагоды для абмеркавання, прэзентацыю тэматычнай кнігі і не толькі карэспандэнт «Радыё Рацыя» (РР) Марына Савіцкая паразмаўляла з лідарам Руху Беларускай Салідарнасці Віталём Рымашэўскім.
«Радыё Рацыя» (далей - РР): Як з’явілася ідэя правядзення такой дыскусіі? З чаго менавіта?

Віталь Рымашэўскі: Хрысціяне – гэта адна з мэтавых аўдыторый руху Беларускай Салідарнасці. І зрэшты тут вельмі шмат хрысціянаў сталіся заснавальнікамі гэтай ініцыятывы, і сёння для хрысціян, пасля таго як маскоўскі патрыярх Кірыл дабраславіў масавае злачынства, якое творыцца ва Украіне, пасля таго як Папа Рымскі вельмі часта робіць неадэкватныя заявы, вельмі лаяльныя да расейскага кіраўніцтва, і не яўна асуджае расейскую агрэсію, не становіцца на бок ахвяры.
Пасля таго, як мы бачым, што ў беларускай царкве іерархі таксама сталі ганіцелямі ўсіх тых, хто выступае супраць гвалту, за праўду і справядлівасць, такіх як епіскап Арцемій, або пастар Вячаслаў Ганчарэнка. Усе гэтыя людзі сёння ганімыя. І ў Беларусі сёння наогул царкава знаходзіцца ў стане рэпрэсій.
Беларускія ўлады не проста спрабуюць рэпрэсаваць нейкіх няўгодных пастараў, цалкам ідзе спроба паставіць царкву пад кантроль. Працэсы вельмі падобныя да тых, якія былі ў нацысцкай Германіі ў 1937-1939 гадах. Тады нямецкая царква раскалолася. Большасць нямецкай царквы была падпарадкаваная нацысцкаму рэжыму, яны транслявалі нацысцкую прапаганду, увялі ўнутраную царкоўную сегрэгацыю, у тым ліку да габрэеяў, ды цыган, да іншых меншасцяў. І толькі некаторыя пастары ўзнімалі голас супраць такой аўтарытарнай, таталітарнай улады.

І тое, што зараз адбываецца ў Беларусі – вельмі падобныя працэсы. Зараз знаходзіцца на абмеркаванні новы так званы праект аб свабодзе веравызнання, новая рэдакцыя гэтага закона, які цяпер яшчэ больш будзе ставіць пад залежнасць царкву, усе рэлігійныя канфесіі без выключэння, ад дзейснай улады. Улады збіраюцца рабіць перарэгістрацыю цэркваў. Гэта значыць, што многія хрысціянскія супольнасці проста будуць пазбаўлены рэгістрацыі і апынуцца па-за законам.
Тыя хрысціяне, якія знаходзяцца ўнутры Беларусі, яны не могуць нават агучыць гэтыя праблемы, таму што, калі лідары цэркваў будуць пра гэта казаць, непазбежныя наступствы будуць для іх хрысціянскіх супольнасцяў, яны трапяць пад рэпрэсіі. (…)
РР: Яшчэ адзін важны рух, які цяпер можна падтрымаць – гэта за беларускую мову ў польскіх школах. Як да гэтага можна далучыцца?

Віталь Рымашэўскі: Гэта асобная тэма. Мы сапраўды пачалі кампанію за змену заканадаўства ў Польшчы. Сутнасць яе ў тым, каб польскі закон дазволіў беларускім дзецям, чые бацькі маюць легальны статус у Польшчы, але не маюць грамадзянства, мець заняткі па беларускай мове. Мы ведаем, што пяць год патрэбна для атрымання грамадзнства, а мы перакананыя, што большасць беларусаў мараць вярнуцца на радзіму як мага хутчэй, як толькі зменяцца ўмовы ў Беларусі. Але дзецям, якія пайшлі ў польскія школы, пры вяртанні на радзіму, будзе няпроста ўваходзіць у беларускую сістэму адукацыі.

Крыніцы: Беларускае Радыё РАЦЫЯ.