Збіраем падпісы за магчымасць вывучаць беларускую мову ў польскіх школах

Навіны Руха Беларускай Салідарнасці

ЛІСТЫ ДА ВЯЗНЯЎ АД БЕЛАРУСАЎ З ВАРШАВЫ

Падзеі
Ужо не першы раз ініцыятыва «Майстэрня паштовак салідарнасці» збірае на прасторы «Пад жырандоляй» неабыякавых беларусаў, каб падпісаць лісты салідарнасці да палітычных зняволеных у Беларусі.

Сустрэча 6 траўня вылучалася яшчэ і тым, што ў «Майстэрні» быў сапраўдны Дзень народзінаў — ініцыятыве споўнілася тры гады. Усіх, хто прыйшоў, чакаў яшчэ і салодкі пачастунак.

На падобных сустрэчах арганізатары прадугледжваюць усё для зручнасці справы. На месцы заўсёды вялікі выбар паштовак, ёсць канверты, асадкі і нават ідэі, пра што напісаць. Ад беларусаў трэба толькі ўдзел і жаданне падтрымаць вязняў словамі з волі.

Падпісанне лістоў на варшаўскай прасторы стала першай сустрэчай з цэлага марафона да Дня народзінау, якія пройдуць у розных гарадах: Гданьску, Вільні, Батумі, Кракаве і Нью-Ёрку.


Валантэрка Майстэрні паштовак салідарнасці адзначыла, што мерапрыемства прайшло файна:
«Было неяк асабліва прыемна, што варшаўская прастора такая ўрачыстая і таму атрымалася насамрэч вельмі святочна»
«Хацелася б, каб не было патрэбы ў лістах за краты. Добра, што ў людзей дагэтуль застаюцца сілы і імпатыя на салідарнасць са зняволенымі, а ў каманды майстэрні столькі сіл рушыць гэтую справу нягледзячы ні на што.

Мы падпісалі шмат паштовак, абмяркоўвалі палітзняволеных, асаблівасці ліставання з імі, знаёміліся, размаўлялі і, вядома, частаваліся ўласнаруч выпечаным пірагом! Дарэчы, наведвальнікі і наведвальніцы часта застаюцца ўражанымі атмасферай прасторы. А адна маленькая дзяўчынка нават сказала, што прастора падобная да штабу кватэры Ордэна Фенікса са сусвету Гары Потэра. Слушная заўвага, як мне падаецца.

Я б хацела заахвоціць як мага больш людзей падтрымаць палітвязняў і палітвязанак лістамі і паштоўкамі. Гэта не праўда, што яны не даходзяць. Адзіны ліст, які не дойдзе да вязня 100% — гэта той, які ніхто не напіша, я так лічу. А ў нашыя народзіны можна падтрымаць нас пакінуўшы вестачку вязню ў нашай форме анлайн (мы перапішам усё рукамі і дашлем за краты праз Белпошту), падпісацца на нашыя сацсеткі ці зрабіць данат.

Я шчыра дзякую ўсім за салідарнасць!»