Збіраем падпісы за магчымасць вывучаць беларускую мову ў польскіх школах

Навіны Руха Беларускай Салідарнасці

ПЕРШАЯ МУЗЫЧНАЯ ВЕЧАРЫНА ПАД ЖЫРАНДОЛЯЙ

Падзеі
Апроч адукацыйных і дыскусійных мерапрыемстваў на варшаўскай прасторы «Пад Жырандоляй» усё часцей праводзяцца культурніцкія івэнты. Гэтым разам беларусы Варшавы сабраліся, каб у суботні вечар паслухаць жывую музыку, яе гісторыю, выпіць келіх віна і паразмаўляць.

Першая «Музычная вечарына Пад Жырандоляй» адбылася 11 сакавіка і прайшла даволі нестандартна. Сапраўдны аншлаг — прыйшлі дзясяткі чалавек. Задавальненне ад імпрэзы атрымалі і госці, і арганізатары.

Самае галоўнае — гучала жывая музыка! Вядомыя кампазіцыі акадэмічнай і папулярнай музыкі зайграў на трубе Канстанцін Акінчыц. За фартэпіяна — Вольга Стасевіч, якая падтрымала выкананне некалькіх кампазіцый.


«Мне вельмі спадапалася супраца, настрой, флёр вячэры. Сольныя выступы для меня трошкі нязвыклыя: з гуртом ці аркестрам палову жыцця граю. Сольна выканаць твор — лёгка, але сольна граць 16 твораў — нязвыкла. Атрымаў досвед.

Асобная падзяка Дзянісу за… та за ўсё! У кагосьці з гасцей было ўражанне, што ён будзе стала праводзіць гэтыя вячэры і мне падаецца, было б файна так і зрабіць», — падзяліўся меркаваннем Канстанцін Акінчыц
Экскурс у гісторыю стварэння музычных кампазіцый правёў Дзяніс Дудзінскі. Гэта быў нават не проста экскурс, а сапраўдны музпрасвет! Цікавая звесткі з жыцця аўтараў музыкі і падача інфармацыі амаль у фармаце стэндапу, не пакінулі нікога з гледачоў абыякавым.


«Такія вечарыны вельмі патрэбныя і важныя, асабліва ў часы, калі беларусам даводзіцца жыць удалечыні ад радзімы, ад сям'і, ад сяброў. Музыка аб'ядноўвае, натхняе і дапамагае перажыць цяжкія моманты ў жыцці. Вечар склаўся выдатна — былі і новыя знаёмствы, і зносіны. Спадзяюся, што госці таксама змаглі даведацца нешта новае пра ўжо вядомыя творы і адкрыць для сябе новыя музычныя моманты», — адзначыў Дзяніс Дудзінскі


Для гасцей быў арганізаваны фуршэт, быў час для размоваў і знаёмстваў. Адчувалася, што прысутныя былі ў захапленні, дзяліліся, што атмасфера імпрэзы была максімальна лёгкай і утульнай. Многія выказалі жаданне наведаць і наступныя музычныя вечарыны пад жырандоляй, бо, як казалі: «Такога месца больш няма ў Варшаве».