Першыя два дні ладзілася майстэрня форум-тэатра, калі госці абмяркоўвалі і выбудоўвалі сцэнар, рэпітавалі спектакль.
- Што такое форум-тэатр мы каротка патлумачылі ў пасце нашага інстаграм.
У фінальны дзень, які праходзіў у вечар нядзелі, было ўтульна і нешматлюдна. Крыху больш за дзесяць чалавек далучыліся да мерапрыемства ў якасці гледачоў, а пазней і самі сталі акцёрамі.
Тэмай спектакля стала эміграцыя і дыскрымінацыя. У першай сцэне гледачы маглі ўбачыць, як у Беларусі выцясняюць беларускую мову і дыскрымінуюць тых, хто мае зносіны на роднай мове. Дрэнны міліцэйскі, прыслужлівы чыноўнік, беларускамоўная дзяўчына, якая ў канцы сцэнкі вымушана сабраць рэчы ў маленькі чамадан і з'ехаць са сваёй краіны. Што магчыма змяніць, каб так не адбылося? Гэтае пытанне стала сапраўдным выклікам для гледачоў, паколькі знайсці рэалістычнае выйсце з такой сітуацыі не так проста.
«Мы наўрад ці зможам нешта зрабіць, каб гэтага не здарылася. Але мы можам працягваць развіваць беларускую мову нават у эміграцыі: размаўляць і пісаць на ёй, рабіць культурніцкія мерапрыемствы» — прапануе адна з удзельніц.
Неўзабаве ў спектаклі разам з гераіняй «Ў» з'яўляюцца «Дж» і «Дз» – яны сустракаюць яе ў эміграцыі і падтрымліваюць.
Другой сцэнай стала сітуацыя, калі эмігрантка з Беларусі, якая толькі прыехала ў Польшчу, сутыкаецца з праблемай пошуку працы. Гераіня-экскурсавод не ведае польскай, і адзіны варыянт, які ёй прапануюць — працаваць па 12 гадзін, атрымліваючы нізкі заробак або ўладкавацца нелегальна. Але гераіня не ідзе на гэта. Што рабіць, каб выправіць сітуацыю, падказваюць гледачы. Так, галоўную гераіню замяніла дзяўчына з залы, сыграўшы больш упэўненую эмігрантку, якая спрабуе размаўляць на польскай і не плануе кідаць сваю прафесію, а таксама расказвае пра сітуацыю ў Беларусі і пытаецца пра магчымасць атрымаць міжнародную абарону ў Польшчы.
З залы таксама гучаць сцэнары, калі гераіні-эмігрантцы неабходна скласці рэзюмэ на польскай, і тлумачаць, чаму. А таксама шмат іншых сцэнароў, дзе было месца разважанням, смутку і жартам.
Скончыўся форум-тэатр авацыямі для арганізатараў і гледачоў, якія таксама паспрабавалі сябе ў ролі акцёраў.