Збіраем падпісы за магчымасць вывучаць беларускую мову ў польскіх школах

Навіны Руха Беларускай Салідарнасці

У гэтую нядзелю ў Польшчы адбудуцца парляменцкія выбары

Абвесткі
У гэтую нядзелю ў Польшчы адбудуцца парляменцкія выбары.
Давайце пагаворым пра дзве найбольш уплывовыя партыі і падумаем, як выбары паўплываюць на нашае жыццё ў Польшчы.
Грамадская Кааліцыя (Koalicja Obywatelska / KO) выступае ў апазіцыі Права і Справядлівасьці (Prawo i Sprawiedliwość/ PIS — дзейная з 2015 года партыя).

Выбарачная кампанія партыі КО уключае такія пункты як:
  • прапановы па змене падаткаў,
  • павышэння настаўнікаў і работнікаў бюджэтнай сферы,
  • лібералізацыя заканадаўства аб абортах;
  • 0% крэдыту на куплю першай кватэры.

Тым часам выбарачная кампанія партыі PIS называецца «Бясьпечная будучыня для палякаў».
PIS выступаюць за:
  • мадэрнізацыю жылых дамоў,
  • праграму 800+,
  • паляпшэнне працоўных умоў у меншых гарадах Польшчы,
  • вырашэнне міграцыйнага крызісу;
  • правядзенне рэферэндума, дзе палякі адкажуць на пытанні аб продажы дзяржаўнай маёмасці, павышэнні пенсійнага ўзросту, ліквідацыі бар’ера на мяжы з Беларуссю і прыёме нелегальных мігрантаў з Блізкага Усходу.

Даведацца пра правілы правядзення выбараў у Польшчы можна на афіцыйным сайце.

Таксама мы паразмаўлялі з Мікітам Семяненкам — чальцом Forum Młodych Dyplomatów і даведаліся яго меркаванне наконт гэтых выбараў.

«Асаблівасьцю бягучай электаральнай кампаніі ў Польшчы зьяўляецца тое, што 15 кастрычніка грамадзяне Польшчы змогуць узяць удзел адразу ў 3 галасаваньнях. Адбудуцца выбары ў Сэйм, у Сэнат і агульнанацыянальны рэфэрэндум ініцыяваны кіруючай партыяй. Паводле апошніх перадвыбарчых апытаньняў у Cэйм трапляюць пяць партыяў: эўраскептычныя Права і Справядлівасьць (партыя ўлады) ды Канфэдэрацыя, і праэўрапейскія Грамадзянская кааліцыя, Трэці шлях і Левыя.

Нягледзячы на тое, што кіруючая партыя мае найвышэйшы рэйтынг, на дадзены момант яна ня мае партнэраў для пабудовы кааліцыі. У той час, калі праэўрапейская апазыцыя дэкляруе памкненьні сфармаваць кааліцыйны ўрад. Напярэдадні выбараў у Сэнат апазыцыя заключыла пагадненьне, якое прадугледжвае невыстаўленьне кандыдатаў адно супраць аднаго. 4 гады таму такое ж пагадненьне прынесла плён і дазволіла займець большасьць у верхняй палаце, верагодна, стаўка на супрацу згуляе і ў гэты раз.

Каб зьвязаць рукі апазыцыі ў выпадку зьмены ўлады, Права і Справядлівасьць ініцыявала рэфэрэндум. У палякаў запыталі пра прыём мігрантаў з Блізкага Усходу і Афрыкі, бар’ер на мяжы з Беларуссю, падвышэнне пэнсійнага ўзросту і продаж дзяржмаёмасьці замежным структурам. Частка апанэнтаў улады і праваабаронцаў заклікалі людзей да байкоту плебісцыту, у сувязі з тэндэнцыйнасьцю пытаньняў і штучнасьцю ўзьнятых праблемаў. Калі рэфэрэндум усё ж адбудзецца, наўрадці нешта радыкальна зьменіцца у польскай палітыцы, бо пытанні сфармуляваныя так, каб захаваць статус-кво. Але становішча беларусаў у Польшчы можа зьмяніцца ў залежнасьці ад выніку выбараў.

Найбольш нэгатыўныя зьмены могуць адбыцца ў выпадку прыходу да ўлады прарасейскай Канфэдэрацыі, асобныя чальцы якой падтрымліваюць сяброўскія адносіны з рэжымам Лукашэнкі. Калі кіруючая кансэрватыўная партыя Права і Справядлівасьць насуперак апытаньням захавае парлямэнцкую большасьць, то падтрымка беларускіх рэлякантаў працягнецца, але акцэнт будзе зроблены хутчэй на асыміляцыю, тады як праэўрапейскія Грамадзянская кааліцыя, Трэці шлях і Левыя з большай верагоднасьцю будуць падтрымліваць ініцыятывы скіраваныя на захаваньне ідэнтычнасьці, мовы і культуры беларускіх мігрантаў, бо будуць мець доступ да сродкаў Эўразьвязу прызначаных на дадзеныя мэты."

Фота на вокладцы: Roman Jocher